НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ БА́НК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цэнтральная крэдытная ўстанова, галоўнае звяно банкаўскай сістэмы краіны. Створаны ў 1991 на базе бел. рэсп. канторы Дзяржбанка СССР. Дзейнічае на аснове законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці» (1990). Ажыццяўляе кіраванне грашова-крэдытнай палітыкай, каардынацыю дзейнасці банкаў Рэспублікі. Мэта — забеспячэнне ўнутр. і знешняй устойлівасці афіц. грашовай адзінкі, падтрыманне стабільнай дынамікі цэн. Асн. функцыі: грашова-крэдытнае і валютнае рэгуляванне; выкананне функцый цэнтр. дэпазітарыя міжбанкаўскіх разлікаў і касавага абслугоўвання камерцыйных банкаў; кансультаванне; крэдытаванне і ажыццяўленне функцый фін. агента ўрада і мясц. органаў улады; рэгістрацыя банкаў і нагляд за іх дзейнасцю; рэгуляванне знешнеэканамічнай банкаўскай дзейнасці; забеспячэнне адзінага парадку бухгалтарскага ўліку і справаздачы ў банкаўскай сістэме; вызначэнне і зацвярджэнне парадку, форм і правілаў арганізацыі безнаяўных разлікаў; арганізацыя крэдытна-разліковага абслугоўвання вайск. часцей, прадпрыемстваў і ўстаноў, арг-цый мін-ваў абароны і ўнутр. спраў, КДБ. Прымае ўдзел у распрацоўцы і выкананні «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі». Устанаўлівае афіц. курсы замежных валют да афіц. грашовай адзінкі, валодае выключным правам эмісіі грошай. Супрацоўнічае з Міжнар. валютным фондам, Сусв. банкам рэканструкцыі і развіцця. Мае карэспандэнцкія рахункі ў шэрагу замежных краін і заканад. права ўдзельнічаць у міжнар. банкаўскіх фондах, саюзах, асацыяцыях.

Пабудаваны ў 1947—52 (арх. М.Паруснікаў) на праспекце Ф.Скарыны. 4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У арх. вырашэнні інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і параднасць. У пластыцы гал. і бакавых фасадаў важную ролю адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэра і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам.

А.А.Воінаў (архітэктура), С.І.Пуплікаў.

Будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)